НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял. Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м ГІ.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.

Літ.:

Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;

Басюк І.А. Навагрудскі «кацёл». Гродна, 1998.

У.Ф.Ісаенка.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)